“Святая асветніца Белай Русі”

“Святая асветніца Белай Русі”

Навагрудская епархiя

“Святая асветніца Белай Русі”

(вусны часопіс для старшакласнікаў)

Мэты: прасачыць асноўныя этапы біяграфіі Еўфрасінні Полацкай; пашырыць уяўленні вучняў аб значэнні дзейнасці беларускай асветніцы; выхоўваць любоў і павагу да гісторыі роднага краю.

Абсталяванне: выстава кніг, рэпрадукцыі твораў жывапісу з выявамі Еўфрасінні Полацкай, мультымедыйная прэзентацыя

Ход мерапрыемства

Вядучы 1. На працягу тысячагадовай гісторыі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ў розныя часы праславіліся многія ўгоднікі Божыя, якія ўшаноўваюцца нашым народам як заступнікі і малельнікі за нас, зямных суродзічаў, і за нашу Бацькаўшчыну.

Вядучы 2.

О колькі іх, братоў, сясцёр,

Жыццё за Госпада аддалі,

У Божы храм святы Хрыстоў

Свае каменьчыкі паклалі.

                              А.Дылюк

Вядучы 1. Сённяшняя сустрэча прысвечана адной беларускай асветніцы, той, што ўпрыгожыла нашу Беларусь высокімі духоўнымі і маральнымі подзвігамі, якая з’яўляецца сімвалам праведнасці, шчырай набожнасці, узорам самаадданага служэння свайму народу, Бацькаўшчыне.

- Ці здагадаліся вы, аб кім пойдзе размова?

Вядучы 2.  (слайд 1-2). Еўфрасіння Полацкая … Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у 12 ст., але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, выдатная асветніца, святая Еўфрасіння пакінула па сабе вечную памяць у душы народа.

(слайд 3). Прадслава (свецкае імя Еўфрасінні) нарадзілася ў Полацку каля 1102 года. Паходзіла з роду Полацкіх  князёў з дынастыі Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалода па жаночай лініі. Унучка славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея. Бацька яе князь Святаслаў. Маці Сафія была дачкой кіеўскага князя Манамаха.

Вядучы 1. Паміж намі і часам, калі жыла знакамітая палачанка, ляжыць больш за дзевяць стагоддзяў. Не дзіва, што гісторыя захавала пра яе не надта багатыя звесткі. Але і яны дазваляюць убачыць агульнаеўрапейскую значнасць асобы гэтай жанчыны-падвіжніцы.

(слайд 4). Адзінай гістарычнай крыніцай, у якой распавядаецца пра жыццё полацкай князёўны, з’яўляецца “Жыціе святой і найпадабнейшай Еўфрасінні”, створанае ў канцы 12 ст. 

Вядучы 2. (слайд 5). Бацькі Прадславы на той час былі перадавымі, адукаванымі людзьмі і пастараліся даць дачцы добрае хатняе выхаванне, якое прадугледжвала і навучанне грамаце, што ў часы Кіеўскай Русі сярод жанчын было незвычайнай рэдкасцю. Ужо ў раннім дзяцінстве яна навучана “кніжнаму пісанню”, якое ўключала такія прадметы, як чытанне, пісьмо, а таксама грэчаскую і лацінскую мовы. 

Вядучы 1. Больш за ўсё Прадслава любіла чытаць Свяшчэннае Пісанне. Чытала яна пра тое, як у старажытныя часы набожныя жанчыны служылі і дапамагалі людзям. Чытала яна словы Хрыстовы пра тое, як дапамагаць бліжнім, і захацелася ёй выконваць Хрыстоў запавет. Маладзенькую князёўну можна было сустрэць паўсюль, дзе толькі былі няшчасныя людзі. Яна даглядала хворых, даставала вопратку і ежу для жабракоў, наведвала асуджаных у турме і прасіла бацьку вызваліць іх. Сціплая, ласкавая, нібы сонейка, з’яўлялася Прадслава ўсюды, дзе толькі магла дапамагчы людзям.

Вядучы 2.  

Была яна дапамогай пакрыўджаным,

Суцяшэннем смуткуючым,

Распранутым – адзеннем,

Хворым – наведаннем ці,

Проста кажучы, -

Для ўсіх была ўсім.

                            К.Тураўскі

Вядучы 1.  (слайд 6). Слава аб тым, што ў князя ў Полацку расце прыгожая і мудрая дачка, разышлася далёка за межы Полацкай зямлі. З усіх канцоў Кіеўскай Русі ў Полацк ехалі сваты. Але не жадала маладая князёўна выходзіць замуж за незнаёмага, нялюбага чалавека, не вабіла яе багацце. Яна ўжо палюбіла іншае жыццё: дарагімі яе сэрцу былі ўсе тыя няшчасныя, якім дапамагала і якім была патрэбна.

Вядучы 1. Калі Прадславе споўнілася 12 гадоў, а гэта быў узрост, калі паводле кананічнага права дзяўчына магла ўжо выходзіць замуж, бацькі вырашылі заручыць яе з адным маладым князем. Даведаўшыся пра гэта, Прадслава таемна, пад покрывам ночы, пайшла з бацькоўскага дому ў манастыр, ігуменняй якога была яе цётка, з мэтай пастрыгчыся ў манахіні. Доўга адмаўлялі маладую князёўну ад гэтай думкі, але Прадслава засталася цвёрдай у сваім рашэнні. На досвітку пастрыглі князёўну і далі ёй манаскае імя Еўфрасіння.

Вядучы 1. 

А доля ж была ў крывіцкіх жанчын

З кудзеллю, з прасніцай злучана.

Яна ж за асветніцкі слаўны пачын

Дастойна пайшла ў неўміручасць.

                              Л.Геніюш

Вядучы 2.  (слайд 7) У скорым часе пасля блаславення епіскапа полацкага Іллі юная манахіня стала жыць пры Сафійскім саборы. Удзень яна прыбірала царкву, чытала, а ўначы займалася перапісваннем кніг. У той час кніг было вельмі мала. Еўфрасіння перапісвала Евангелле і іншыя царкоўныя кнігі. Частка перапісаных ёю кніг лягла ў аснову манастырскіх бібліятэк, якія пачалі фарміравацца ў полацкім княстве. Другая часка кніг прадавалася, а выручаныя за іх грошы манахіня раздавала бедным.

Акрамя перапісвання кніг, Еўфрасіння Полацкая займалася пераводамі рэлігійна-філасофскай і маральнай літаратуры з грэчаскай і лацінскай моў, чым таксама значна абагаціла духоўную культуру нашага народа таго часу. Дзякуючы яе бібліятэцы многія пакаленні палачан, жыхароў полацкага княства змаглі атрымаць добрую адукацыю. 

Вядучы 1. (слайд 8). Запаветнай марай маладой асветніцы была педагагічная праца, навучанне простых людзей грамаце, стварэнне вучылішч і школ. І калі полацкі епіскап Ілля прапанаваў асветніцы стварыць непадалёку ад Полацка ўвёсцы Сяльцо жаночы манастыр, яна адразу ж згадзілася. Невялікая драўляная царква, куды прыйшла Еўфрасіння з адзінай чарніцай, звязкамі кніг і трыма манастырскімі хлябамі, і стала тым месцам, дзе яна заснавала жаночы манастыр.

Вядучы 2.  (слайд 9). Наладжваць манастырскае жыццё Еўфрасінні дапамагалі яе памочніцы, маладыя паслушніцы. А працы ў манастыры было шмат: вучыць дзяцей, лячыць хворых, даглядаць за старымі, шыць вопратку для бедных, карміць жабракоў, перапісваць кнігі.

Паступова, год за годам, Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр пашыраўся. У школе пры манастыры пісаліся іконы, працавалі майстры-залатары.

Вядучы 1.  (слайд 10-11). У 1161 годзе Еўфрасіння Полацкая, будучы ігуменняй новага манастыра, вырашыла замест старой драўлянай Спаскай царквы ўзвесці новую, каменную. Для рэалізацыі гэтай задачы яна запрасіла полацкага дойліда (архітэктара) Івана. Царква, пабудаваная ў сярэдзіне 12 ст., перажыўшы ўсе буры і ліхалецці, захавалася і да нашых дзён. Будынак царквы ўражвае сваімі прапорцыямі, зграбнасцю, прыгажосцю. Яна з’яўляецаца самым старым помнікам нацыянальнай архітэктуры на беларускай зямлі.

Вядучы 2. Будаўніцтва храмаў было адным з накірункаў яе дзейнасці. Заснаваныя святой манастыры сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве. У іх знаходзіліся школы, дзе дзеці вучыліся чытанню, пісьму, лічбам, царкоўным спевам і нотнай грамаце. У старэйшым узросце дзеці вывучалі грэчаскую мову, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства, медыцыны, рыторыкі, гісторыі.

Магчама па замыслу Еўфрасінні былі пабудаваны і іншыя цудоўныя збудаванні, аднак ад іх да нашых дзён не захавалася ніякіх слядоў.

Вядучы 1.  

Дарэмна. Другія стаяць алтары,

У Прадславы мэта –

Святыні, цэрквы, манастыры –

Тагачасныя ўніверсітэты.

Вяртаецца ў край з навукай, з дабром,

Братэрства і мір у ім сее.

Валодае смела князёўна пяром,

Людзьмі завалодваць сумее.

                                    Л.Геніюш

Вядучы 2.  (слайд 12-13). У 1161 годзе па заказу Еўфрасінні Полацкай майстар Лазар Богшаў стварыў для яе крыж – першы неацэнны твор старажытнабеларускага мастацтва.

Вядучы 1. Крыж быў выкананы з кіпарысавага дрэва і меў шасціканечную форму. Спераду і на адвароце крыж быў пакрыты залатымі, а бакі – срэбнымі пласцінамі. Залатыя пласціны былі ўпрыгожаны лікамі святых, арнаментам, каштоўнымі камянямі, а перыметр крыжа – ніццю жамчужын. У святыні знаходзіліся часцінкі дрэва з Крыжа Гасподняга з кропляй крыві Збавіцеля, часцінкі камянёў ад гроба Гасподняга і Божай Маці, часцінкі мошчаў многіх святых. З бакоў крыжа размясціўся надпіс, які змяшчаў дату вырабу крыжа, імя заказчыцы і страшнае пракляцце таму, хто асмеліцца ўкрасці гэтую святыню, вынесці крыж са Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра.

Вядучы 2. На адваротным баку крыжа маленькімі літарамі было выразана імя Лазара Богшы – майстра, які зрабіў крыж, - а таксама сумма, затрачаная на яго вырабніцтва, - 140 грывен. Менавіта столькі каштаваў крыж для Еўфрасінні Полацкай. На той час гэта былі вялікія грошы. Прападобная Еўфрасіння ахвяравала свой крыж у Спасскую царкву.

Вядучы 1. Трагічна склаўся лёс славутага крыжа. Не раз яго вывозілі з Полацка і вярталі на месца. Канчаткова крыж знік у пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Вядучы 2.  (слайд 14). 9 снежня 1997 года ў царкве Еўфрасінні Полацкай урачыста быў пакладзены новы Крыж, зроблены па ўзору арыгінальнага крыжа брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом.

Вядучы 1.  (слайд 15-16). Апошнім духоўным подзвігам Еўфрасінні Полацкай было паломніцтва ў Святую Зямлю, каб пакланіцца Гробу Гасподню, якое яна здзейсніла на схіле сваіх гадоў разам з братам і сястрой.У Іерусаліме тры дні яна малілася каля Гроба Гасподняга за сваю зямлю, за ўсіх няшчасных, за ўвесь свет малілася наша святая Еўфрасіння. Усё яе жыццё і апошняя малітва былі за людзей. Там у далёкай Палесціне, знясіленная падарожжам, яна захварэла і памерла, не пабачыўшы болей радзімы. Гэта быў 1173 год. Там яе і пахавалі ў манастыры святога Феадосія. 

Вядучы 2.  (слайд 17). Праз пятнаццаць гадоў рускія манахі перавезлі святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні ў Кіева-Пячэрскі манастыр. А ў 1910 годзе яе мошчы ўрачыста перавезены ў Полацк, у храм Святога Спаса, дзе знаходзяцца і цяпер.

Вядучы 1. Пасля яе смерці святасць яе прызналі як праваслаўная, так і каталіцкая царква.

Вядучы 2.  (слайд 18). У канцы 12 ст. ўжо было створана Жыціе прападобнай, напісана яе ікона. Да 16 ст. Еўфрасіння Полацкая ўшаноўвалася як мясцовая святая. У 1984 годзе Еўфрасіння Полацкая прылічана да Сабора Беларускіх Святых. Яе імя носяць царква ў Мінску і ў Івянцы Валожынскага раёна Мінскай вобласці.

23 мая (5 чэрвеня) адзначаецца дзень памяці Еўфрасінні Полацкай (у гэты дзень яна адышла да Госпада). 

Вядучы 1. Еўфрасіння Полацкая прызнана заступніцай зямлі беларускай. Можа дзякуючы ёй наш беларускі народ, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, што дасылае яму час, застаецца ў большасці сваёй дружалюбным, міралюбівым і чулым да чужой бяды.

Вядучы 2.

Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока.

Тым, хто імкнуўся да кнігі, свяціла, як зорка…

Мове, адзінай дзяржаве

Шчэ толькі злучацца –

Свет нас прымаў як народ

Па адной палачанцы.

                      Д.Бічэль-Загнетава

Вядучы 1. У розныя часы гістарычнага развіцця асветнікі імкнуліся зберагчы родную мову і культуру, прымножыць яе багацце, данесці веды да шырокага кола чытачоў. Як бачым, беларускаму народу пашчасціла на славутых продкаў. Імя Еўфрасінні Полацкай гарыць стагоддзямі яснай зоркай у сусвеце жыцця. Мы павінны ведаць і шанаваць імя, што захавала гісторыя, бо ў гэтым аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, пра яе культуру, духоўнасць.

Вядучы 2. Мноства твораў прысвяцілі выдатнай асветніцы  сучасныя паэты і пісьменнікі, гэта і раман Т. Бондар “Спакуса”, і аповесць В.Іпатавай “Прадыслава”, і апавяданне С.Тарасава “Фрэскі”, вершы А.Мінкіна, Л.Геніюш, Л.Тарасюк і інш. 

Падагульненне

Вядучы 1. Мне хацелася б, каб вы зразумелі і ўсвядомілі значнасць асобы асветніцы, каб вам захацелася пазнаёміцца з іншымі творамі, прысвечанымі Е. Полацкай. А завяршыць нашу сённяшнюю размову я хацела б новым вершам М.Мацюкевіч “Маналог Еўфрасінні Полацкай”.

 

Подготовила : Ольга Ивановна Коляда –

библиотекарь  Щорсовской школы

Новогрудского района